Казка “Кожны чалавек – каваль свайго шчасця”
Жыла- была на свеце Цётка Лянота. Праўду людзі кажуць: “Якія мы самі, такія нашы сані”. Яна і дачку мела такую ж самую – і імя яе было такое ж брыдкае – Гультайка. Як вы ўжо здагадаліся, працаваць яны не любілі, таму нічога не мелі. Хадзілі ў лапцях, у старых атопках ды падраных сукетках. Абедзве спаць любілі, а суседзі казалі пра іх, што яны абібокі. Маці Лянота на печ – за ёй і дачка Гультайка: “Куды іголка, туды і нітка”. Спяць аж вочы пухнуць… Побач з імі жыў хлопец – сірата. Звалі яго Працаўнічок. Не было ў яго бацькоў, яны даўно памерлі: “Гора мучыць, але жыць вучыць”. Рана зразумеў Працаўнічок, што “Таму Бог дае, хто рана ўстае”. Усё ў руках гарэла, бо любіў Працаўнічок, каб усюды ў гаспадарцы быў у яго парадак. Ледзь толькі сонейка ўзыдзе, хлопец ужо ўпраўляецца на полі ці ў гародзе, таму ўсё было ў яго хаце: “І хлеб, і да хлеба”. Рана зведаў хлапчына, што хлеб на стале сам не з’яўляецца, што хлеб – усяму аснова. Вось вырасла Гультайка ды і кажа сваёй матцы Ляноце: “Замуж хачу за Працаўнічка”. Ён і прыгожы, і добры, і ўсё ў яго ў хаце ёсць: і сала, і бульба, і малако. Добрае нам будзе з ім жыццё”. Маці Лянота і кажа: “Шыла ў мяшку не схаваеш. Ніхто цябе не пасватае за Працаўнічка, бо ведаюць людзі, якія мы абедзве лянівыя. А Гультайка за сваё: “Хачу замуж за Працаўнічка”. І так з ранку да вечара. Абрыдла маці слухаць адну і тую ж песню сваёй дачкі Гультайкі. Вырашыла яна сама звярнуцца да Працаўнічка ды і пасватаць Гультайку. Даўно ўжо прыглядаўся да іх Працаўнік, маўляў, як жа яны так кепска жывуць!. “Глянеш на Гультайку – хоць пацалуй, а прыступішся плюнеш”. Надумаўся Працаўнічок і зайшоў аднойчы ў хату да цёткі Ляноты. Гультайка ўзрадавалася, яна ўжо падумала, што Працаўнічок прыйшоў у сваты. Працаўнічок і кажа, звяртаючыся да Гультайкі: “я ведаю – жыццё пражыць не поле перайсці, што мінула, таго не вернеш. Я згодзен з табою ажаніцца, калі ты выканаеш мае 3 жаданні: “Кожная дзеўка павінна ведаць: выйсці замуж трэба знаць – позна легчы, рана ўстаць. Ці згодна ты выканаць маё першае жаданне”. Падумала Гультайка ды і згадзілася з Працаўнічком. Другое жаданне будзе яшчэ цяжэйшым, бо я ж ведаю, як ты любіш доўга спаць: “Не чакай з неба дараванага хлеба. Ты павінна будзеш разам са мной працаваць”. Доўга думала Гультайка, а Працаўнічок доўга чакаў адказу. Нарэшце, глянула Гультайка ў вочы Працаўнічка, а яны былі такія добрыя і ласкавыя, што згадзілася і на другое жаданне. Трэцяе жаданне добра абдумайце разам , даю вам тэрмін да раніцы, бо ёсць над чым паразважаць. “Ідзеш на чужую страну – пільнуйся, каб не было сораму”,- сказаў так хлопец і знік за дзвярыма, якія ледзь трымаліся на завесах. Думалі, сварыліся маці з дачкой, але дужа палюбіліся Гультайцы добрыя і ласкавыя вочы хлопца. Зразумела яна, што дужая выканаць 3 жаданні Працаўнічка, бо шчасце чалавека залежыць ад яго шчырай працы і любві.Аўтар: Паповіч Вікторыя, выпускніца школы